November 12th, 2017

готика, мысли, мистика

Заяц варыць піва

Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
“Глядзіце, заяц варыць піва”, -
Жартуюць людзі між сабой.

А я выдушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячменю.

Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай ворыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.

І піва заяц зварыць густа,
А на закуску – бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.

З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
“Цвіцела морква” завядуць.

Пабачыш – не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.

Уладзімір Караткевіч